УЗВЫШАНАЕ І ЗЯМНОЕ

08-Фев-2012

УЗВЫШАНАЕ І ЗЯМНОЕ

Хавай сваё сэрца ад злой мітусні

Мне пашчасціла пабываць на розных канцэртах, як беларускіх калектываў і асобных выканаўцаў, так і замежных. Вядома, кожны раз атрымліваеш новыя ўражанні, а потым дзелішся імі. Але бывае і так, што пасля праграмы хочацца толькі памаўчаць. Не, не таму, што сказаць няма чаго, хутчэй наадварот, каб не разгубіць, асэнсаваць усё тое, аб чым даведалася, што пачула, адчула на канцэрце. І толькі потым пастарацца выказаць эмоцыі.

Нядаўна на сцэне Палаца культуры адбыўся незвычайны канцэрт. Тэматычны, а гэта значыць, прысвечаны адной выбранай тэме. Такой глыбокай, што ўмясціла ў сябе самыя розныя мелодыі нашага жыцця… 

Уявіце сабе халодны студзеньскі вечар, апошні ў гэтым годзе. Жанчына ў чорнай манаскай рызе (гэта сястра Галіна – рэжысёр фестывалю праваслаўнай культуры «Кладезь», які нядаўна праходзіў у нашым горадзе) цёпла вітае маладзечанцаў. Няма ніякіх спецэфектаў, і нават калі пражэктар асвятляе вядучую, яна просіць убраць святло. Не трэба нічога лішняга. Усё геніяльнае – проста… і  так складана. Чорна-белая прастора і людзі, якія слухаюць біблейскія ісціны пра дабро і зло.

— Тэматычная канцэртная праграма «Храни своё сердце» (у яе назву пакладзены паэтычныя радкі рускага паэта Аляксандра Саладоўнікава) — адно з мерапрыемстваў сацыяльнага праекта «Музыка – выхаванне душы». Яе ў розных гарадах не толькі нашай краіны, але і за мяжой прадстаўляе Свята-Елісавецінскі манастыр, што пад Мінскам, — гаворыць вядучая. — Праграма жыве не першы год, але нават той, хто знаёмы з ёй, кожны раз адкрывае для сябе нешта новае. Чаму? Таму што напоўнена яна духоўнымі музычнымі творамі і шчырымі словамі жыццёвай мудрасці. Гэта некамерцыйны праект. Ці можна выхоўваць высокія пачуцці за грошы? Напэўна, не. Таксама як і вызначыць цану чалавечага жыцця.

— Як у большасці сваёй жывуць людзі? — пытаецца сястра Галіна і тут жа адказвае: — Па гарызанталі. Нарадзіўся, хрысціўся, вучыўся, жаніўся, адышоў у нябыт. Але ў лёсе кожнага ёсць такі момант, калі чалавек павінен пачаць расці духоўна, уверх.

Гэта праграма стваралася для таго, каб людзі хаця б аднойчы спыніліся, адышлі ад жыццёвай мітусні, успомнілі мінулае, асэнсавалі сённяшні дзень і зазірнулі ў будучыню. Гасподзь кожнаму з нас працягвае сваю руку. Спачатку ён кліча нас голасам любові, потым голасам сумлення, а потым б’е ў званы. Той, хто адчуе сэрцам, розумам, прыме гэты зварот…

Узнёслым, радасным настроем і моцнай станоўчай энергетыкай напоўнілі глядзельную залу галасы ўнікальнага мужчынскага вакальнага ансамбля «Арнамент» 

(г. Мінск). Можна было пачуць, як недзе «Однозвучно гремит колокольчик», што адбываецца «На пригорке за селом», убачыць «Куда уходит вечер». Спевакі запрашалі музычнымі сцяжынкамі прагуляцца «Вдоль по Питерской». Гледачы па-новаму адкрылі для сябе вядомую «Купалінку», якую называюць візітнай карткай Беларусі, апладысментамі сустракалі рускую народную песню «Калинка-малинка».

Аказваецца, для таго, каб быць патрыётам, не абавязкова нара-

дзіцца ў той краіне, дзе жывеш. Важна самааддана палюбіць зямлю і людзей, што кожны дзень побач з табой. Так склалася, што беларускую песню  адкрыў для свету рускі чалавек, які ўсім сэрцам адчуў нашу мову і культуру, — Уладзімір Мулявін. Яго песні сталі народнымі ў самым высокім значэнні гэтага слова.

Песня «Праважала сына маці» з рэпертуару «Песняроў» прагучала на канцэрце. Пранікнёнае выкананне дазволіла адчуць горыч і боль, а таксама хрысціянскую пазіцыю жанчыны, якая праводзіць свайго сына на вайну. У ваенны блок праграмы ўвайшла і легендарная «Кацюша».

Як рэфрэн у канцы канцэрта прагучалі такія словы:

— Наша праграма – гэта своеасаблівы творчы экзамен на культуру горада. Маладзечанцы яго вытрымалі з гонарам. Вы ўмееце слухаць і чуць, думаць і адчуваць. Дзякуй вам за гэта.

 

ГАЛАСЫ, ШТО СКЛАДАЮЦЬ «АРНАМЕНТ»

Мужчынскі ансамбль « Арнамент» заснаваны ў 2003 годзе. Усе ўдзельнікі калектыву: Сяргей Суцько, Аляксандр Дзюмін, Андрэй Пятроў, Дзмітрый Клачко, Аляксандр Міхнюк, Павел Макарэвіч — выпускнікі вакальна-харавога факультэта Беларускай акадэміі музыкі. Яны працуюць у вядучых музычных калектывах краіны: Нацыянальным канцэртным аркестры пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, Белдзяржфілармоніі, Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры. Іх нярэдка называюць лепшымі мужчынскімі галасамі Беларусі. Рэпертуар ансамбля аб’ядноўвае рускую праваслаўную і класічную музыку XIV-XX стагоддзяў, песні народаў свету, творы заходнееўрапейскіх кампазітараў розных эпох, джаз і многае іншае. Большая частка твораў прадстаўлена ў арыгінальных апрацоўках удзельнікаў калектыву. З моманту стварэння ансамбль выступае на канцэртных пляцоўках Беларусі і Расіі, выязджаў з гастролямі ў Германію, Бельгію, Люксембург, Нідэрланды. Некалькі гадоў таму беларускія спевакі ўдзельнічалі ў XI з’ездзе расійскага Клуба праваслаўных мецэнатаў у Троіца-Сергіевай лаўры. Дзеячы мастацтваў Расіі, вядомыя палітыкі, прадстаўнікі грамадскасці па вартасці ацанілі выступленне беларускіх спевакоў.

Ансамбль «Арнамент» дае дабрачынныя канцэрты ў клініках, дзіцячых анкалагічных цэнтрах, дамах састарэлых у Беларусі і ў краінах Заходняй Еўропы, прыцягвае мецэнатаў і спонсараў для аказання медыцынскай дапамогі беларускім анкалагічна хворым дзецям (у тым ліку для правядзення складаных аперацый у клініках Германіі). З верасня 2010 года калектыў удзельнічае ў сацыяльным праекце Мінскага Свята-Елісавецінскага манастыра «Музыка — выхаванне душы», накіраваным на эстэтычную і духоўную асвету.

Людміла ЦАР.

Людмiла Цар / Маладзечанская газета